• МІХАСЬ ЗАРЭЦКІ нарадзіўся 20.11.1901 года ў в. Высокі Гарадзец Сенненскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Талачынскі р-н) у сям'і вясковага дзяка. Бацька М. Зарэцкага паходзіў з бедных сялян, быў чалавекам з крутым, няўжыўчывым (асабліва ў адносінах да начальства) характарам, з падкрэслена крытычным стаўленнем да жыцця, меў значны ўплыў на мастацкае фарміраванне сына. Маці да замужжа спявала ў царкоўным хоры. Дзяцінства М. Зарэцкага прайшло ў в. Зарэчча пад Шкловам (адсюль і псеўданім пісьменніка).
• Чатыры гады ён правучыўся ў Аршанскім духоўным вучылішчы, два — у Магілёўскай духоўнай семінарыі. У 1917, пакінуўшы семінарыю, каля паўгода працаваў перапісчыкам у адной з паўвайсковых часцей. Разам з часцю выязджаў у Арлоўскую губерню. Калі вярнуўся, уладкаваўся царкоўным вартаўніком, каб хоць неяк дапамагчы сям'і, якая знаходзілася ў цяжкім матэрыяльным становішчы. Доўгімі зімовымі вечарамі шмат чытаў.
• У 1919 атрымаў пасаду настаўніка ў адной з вясковых школ на Магілёўшчыне. Пачаўся перыяд, як гаварыў сам пісьменнік, «свядомай грамадскай работы, перыяд паступовага ўрастання ў глыбіню новай савецкай грамадскасці». Працаваў старшынёй валаснога аб'яднання настаўнікаў, загадчыкам валаснога аддзела народнай асветы, у 1920 — пастаянным членам праўлення работнікаў асветы і сацыялістычнай культуры ў Магілёве. У тым жа годзе ўдзельнічаў у 2 Усесаюзным з'ездзе работнікаў асветы. Амаль сем гадоў служыў у Чырвонай Арміі, быў камісарам. Адначасова вучыўся ў БДУ. З'яўляўся актыўным удзельнікам літаратурна-грамадскага руху. 3 1924 М. Зарэцкі член літаратурна-мастацкага аб'яднання «Маладняк» (уваходзіў у Цэнтральнае Бюро гэтага аб'яднання). КПСС з 1925. У 1926—27 рэдагаваў часопіс «Маладняк». 3 1927— член літаратурна-мастацкага аб'яднання «Полымя» (уваходзіў у ініцыятыўную групу па яго стварэнні).
• У жніўні — кастрычніку 1927 разам з
• Ц. Гартным і М. Чаротам наведаў Латвію, Чэхаславакію, Германію, Францыю. Сябраваў з Я. Коласам, Я. Купалам. У 1929 выключаны з партыі “за праяўленне нацыянал-дэмакратызму”
• У 1934 прымаў удзел у працы Першага Усебеларускага з'езда пісьменнікаў, актыўна выступаў на пленумах, сходах пісьменнікаў. Член СП Беларусі з 1934 г. На рэспубліканскім конкурсе, прысвечаным 15-й гадавіне Кастрычніцкай рэвалюцыі, раман М. Зарэцкага «Вязьмо» быў адзначаны прэміяй як адзін з лепшых твораў на тэму калектывізацыі. Працаваў загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва ў Акадэміі навук Беларусі.
• У 1936 М. Зарэцкі незаконна арыштаваны.
• У 1937 прысуджаны да вышэйшай меры пакарання ( 29.10.1937).
• Рэабілітаваны пасмяротна ў 1957.
• Міхась Зарэцкі адносіцца да ліку той вялікай плеяды беларускіх пісьменнікаў, чыя творчасць доўгія гады знаходзілася пад забаронай або папросту замоўчвалася. І хоць асобныя творы друкаваліся і ў савецкі час, большасць з таго, што складае стрыжань творчай манеры пісьменніка, не было вядома шырокаму колу чытачоў. А між тым пяру Зарэцкага належаць такія выдатныя аповесці і раманы, як "Голы звер", "Вязьмо", "Сцежкі-дарожкі", незакончаны раман "Крывічы". Росквіт таленту празаіка прыйшоўся на часы так званай беларусізацыі і пачатку сталінскага тэрору.
• П. Пруднікаў успамінаў: «Гэта быў стройны, вышэй сярэдняга росту, бландзіністы, маладжавы на погляд чалавек. Заўсёды акуратна апрануты, падцягнуты, добра прычэсаны, чыста паголены. Твар яго меў удумліва-дабрадушны выгляд, вочы — сіне-блакітныя. Гаварыў ціха, але пераканаўча. Ніколі не павышаў голасу. Паходка была быстрая, імклівая, але не мітуслівая».
• Я. Скрыган удакладняў: «У 1927 годзе Міхась Зарэцкі выглядзеў зусім іначай. Гэта быў ужо ў поўным сэнсе слова пісьменнік і інтэлігент. Папулярнасці і славе яго адпавядаў вонкавы выгляд. Апрануты ён быў, як тады казалі, чыста па-еўрапейску: самае моднае элегантнае паліто, блішчастыя пальчаткі і капялюш. А капялюш на той час мала хто насіў, гэта было нават вельмі смела. Бачылі яго найчасцей разам з А. Александровічам і А. Дударом… Мы тады зачытваліся М. Зарэцкім. Пісаў ён многа, горача і ярка».
• Арыштаваны 3.11.1936 у Мінску па адрасе: вул. Абутковая, д.23, кв. 3.
•
• Пратакол вобыску ў кватэры М. Зарэцкага:
• Взято для доставления в НКВД Белоруссии следующее:
• Паспорт.
• Заграничный паспорт.
• Удостоверение СП № 1543.
• Другие документы:
• писем — 44 штуки, открытки — 13 шт., адресов телеф. и телег. — 10 штук, телеграмм — 3 шт., 9 пакетов с выписками из контрреволюционной троцкистской литературы, 19 записных книжек, 20 тетрадей с разными записями (магчыма, сярод іх быў і раман «Крывічы». — Л. М.), фотокарточек — 20 шт., групповых фото — 50 шт., написанных общих тетрадей — 2 шт.
• Рукопись на 3129 листах. Разная переписка на 953 листах…
• Книг с автографами — 83 шт., книг разных авторов и изданий — 80 шт., Зарецкий — сочинения — 36 шт.
•
• Асуджаны тройкай НКВД 28.10.1937 у 18.30 (пасяджэнне працягвалася 15 хвілін) як «актыўны член нацыянал-фашысцкай тэрарыстычнай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 7.12.1957. Асабовая справа К. № 11069-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. Многія рукапісы З. загінулі, у прыватнасці, гістарычная драма «Рагнеда» (1929), працяг рамана «Крывічы».
• Два дакументы з асабовай справы Міхася Зарэцкага:
• Секретно
• Справка
• Приговор о расстреле Косенкова-Зарецкого Михаила Ефимовича приведен в исполнение в Минске 29/X–1937. Акт о приведении приговора в исполнение хранится в Особом архиве в спецотделе НКВД СССР, т. 8, лист 155.
• Нач. отд. спец. отд. НКВД СССР
• лейтенант госбезопасности Шевелев.
• 22 октября 1956. Секретно.
• Начальнику Главного управления милиции МВД СССР,
• Начальнику 1 спецотдела МВД СССР,
• Главному военному прокурору.
• «Зарецкий Михаил Ефимович, 1901 г. рождения, был осужден Военной Коллегией Верховного Суда СССР 28 октября 1937 г. и, отбывая наказание, умер 13 июня 1941 г.»