ПУШЧА Язэп
(сапраўднае імя: Плашчынскі Іосіф Паўлавіч; іншыя псеўданімы: Язэп Кудзер; Лясун; А.Пушча; Л.Трыер;
7(20).5.1902, в. Каралішчавічы Мінскага пав. Мінскай губ., цяпер Мінскі р-н — 14.9.1964, Мінск),
паэт, крытык, перакладчык. З 1918 да жн. 1921 вучыўся ў Мінскім рэальным вучылішчы. У 1921—22 быў слухачом курсаў беларусазнаўства Наркамасветы БССР. Літаратурную дзейнасць пачаў у 1922 з публікацыі апавяданняў. У 1923 быў адным з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднання «Маладняк», пазней — «Узвышша». На працягу 1925—30 выдаў некалькі паэтычных кніг.
У 1925—27 вучыўся на педагагічным ф-це БДУ. Увосень 1927 перавёўся ў Ленінградскі ун-т. На чацвёртым курсе пакінуў вучобу; вярнуўся ў Мінск, працаваў стыльрэдактарам у Белдзяржвыдавецтве. Арыштаваны ДПУ БССР 25.7.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пастановай Калегіі АДПУ СССР ад 10.4.1931 прыгавораны да 5 гадоў высылкі. Накіраваны ў Шадрынск на Урале. У 1937—41 жыў у Мурамскім р-не Уладзімірскай вобл., настаўнічаў. У гады вайны на фронце. Пасля зноў у Мурамскім р-не. Рэабілітаваны 30.1.1956. Вярнуўся з сям’ёй у Беларусь у 1958. Член СП Беларусі з 1958. Асобныя творы П. пакладзены на музыку. Да апошніх дзён жыў у Мінску. Пахаваны ў Каралішчавічах.
Бібліяграфія
- Раніца рыкае. Мн., 1925;
- Людвіся: Вершы і паэма. Мн., 1968;
- Зборнік твораў: У 2 т. Мн., 1993— 94.
|