Пятніца, 29.03.2024, 06:34
Прывітанне Гость



Каталог файлов
Главная » Файлы » Літаратура

Творы Язэпа Пушчы
03.10.2008, 21:00

Раніцу шчэбет пільнуе

 

Раніцу шчэбет пільнуе

Ў лісці жоўта-зялёным.

Туліцца жнівень пад пуняй

З ношкай аўсянай саломы.

 

Сонца бліскучым пласконнем

Ікры ў тумане губляе.

Ветры, пужлівыя коні,

Рвуцца ў мурожныя далі.

 

Ў зараслях пудзяцца песні,

Рэчанька льецца, смяецца.

Вёска рыпамі весніц

Цешыць сялянскае сэрца.

 

Вецер расой ахрысціў

Поплывы ў сіні шырокай.

Песціцца сонца ў трысці,

Ветрась цалуючы ў шчокі..

 

Раніцу шчэбет пільнуе

Ў лісці жоўта-зялёным.

Туліцца жнівень пад пуняй

З ношкай аўсянай саломы.

1924

 

 

Мне чупрыны не хочацца звесіць

 

Беланогі, расчухраны месяц

Лявоніць у лісці кляновым.

Мне чупрыны не хочацца звесіць

Ў гэты вечар аўсяна-зялёны.

 

Я пайду сінявою мурожнай

Да начлежнікаў, хлопцаў буяных,

Хай прыгорне мяне вербалоззе,

Бо я хмелем сягонняшнім пяны.

 

Ой вы, поплавы ў шэрай сярмязе,

Веснавейце ў даліне-лагчыне!

Мяне променем сонца абвяжа,

Пакланюся я нізка айчыне.

 

Закалосяцца песні ла весніц,

Заспяваюць таполі і клёны.

Мне чупрыны не хочацца звесіць

Ў гэты вечар аўсяна-зялёны.

1924

 

Каханне, залатое каханне

 

Каханне, залатое каханне,

Я стаю, пахіліўшы чало!

Не спаткаў я цябе пры кургане,

Не сустрэў у завейных палёх.

 

Ты само для мяне, маладога,

Прыгарнулася сэрцам сваім.

Усміхаліся далі, разлогі,

Усміхалася радасць у сінь.

 

А песні, санцавейныя песні

Разліваліся ўсплёскамі хваль.

Яны з сэрца каханне разнеслі,

Яны з сэрца памчаліся ўдаль.

 

Ў гэты вечар самоты не песціў,

Найшчаслівейшы быў між людзей.

Ціха зоры смяяліся ў вецці,

Я на іх задуменна глядзеў.

 

Разгадаць мне хацелася ўсмешку

Адной зоранькі яснай, як дзень.

Ружавела каліна на ўзмежку,

Я прыціснуў яе да грудзей.

 

Застануся з табою, красуня!

Я не ведаў уцехі ў жыцці.

Мне расслухаць хацелася ў шуме,

Аб чым ліст да ліста шапаціць.

 

Яна слоў мне тады не казала,

Толькі вусны палілі мой твар.

Не было, не было ў песні жалю,

Толькі кідала сэрца у жар.

 

А што далей?.. у ветра спытайся.

Пакахаў, як ніхто, пакахаў.

Ой ты, Стася, смуглявая Стася,

Ўзгадаваў цябе Случчыны гай!

 

Ты расла там адна, сіратою,

Вочы карымі сталі ад рос.

Вось кахаю цябе мо за тое,

Што і сам я ў самоце узрос.

1926 

 

Мастак

 

На стромкім усхоне

Стаяў задумены мастак.

Шум гонкае хвоі

Навеяў таемнасць і страх.

Глянуў на дол

Ён маўкліва, −

Сціснуўся боль:

Сплямлена кроўю каліна!

 

Далей

У хмалёвыя хвалі

Кінуў праніклівы зрок:

Смутку народа майго не схавалі,

Тоіце нейкі няведамы змрок!

 

Холад у вашым прадонні! –

Скрухай наліўся душы яго хмель;

Бачыць ён вобраз бяссмертны

Мадонны

Стварыў што мастак Рафаэль.

 

Далі

Празрыстымі сталі,

Промені сонца

Яснотай чало апавілі.

Істота ўся ў захапленні бясконцым, −

Рукі прастор ахапілі.

 

− Любы мой, мілы прастору,

У нашай забытай нізіне

Сцелецца новы Шлях Млечны! –

Вечарам зораста-сінім

 

Праходзіць ім будзе Марыя;

Юнак прывітаецца чула,

З каханнем у сэрцы затоена-вечным.

− О, светлыя зоры,

Пад вэлюмам срэбным я з ёй заначую!

Палкія вусны пяшчотай акрыю,

        Ave, Maria!

1926

 

Категория: Літаратура | Добавил: prague_walks
Просмотров: 2981 | Загрузок: 0 | Рейтинг: 2.0/1
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]

Катэгорыі падзелу

Апытанне

ці патрэбен на сайце форум?
Усяго адказаў: 844

Міні-чат

200

Карысныя спасылкі

Статыстыка



Зараз онлайн: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0


"Знічка": творы па-беларуску © 2008 - 2024 | Сайт создан в системе uCoz