Беларусь
Беларусь, Беларусь – гэты зык
Паліць душу маю, як агнём.
Я не ведаю, чым ён вялік,
Але думак не змог я аб ём.
Як пачую яго, задрыжыць
Маё сэрца, заные ў грудзях,
І балюча так робіцца жыць,
І шукаеш чагосьці ў людзях.
Беларусь, Беларусь…гэтых слоў
Пойме музыку, хто ўсёй душой
І магутны, тужлівы іх зоў
Зловіць думкай сваёю жывой, −
Затрапеча, бы ранены ён,
Задрыжыць пад навалаю дум:
Гэткі страшка-пакутны іх стогн
І аб волі бязмерны іх сум.
Беларусь, Беларусь – гэты дзей
І разумных і слаўных прыклад;
Край вялікіх і дум, і людзей,
І бяздольна схіліўшыхся хат,
Дзе нядоля і гора спрадвек
І бяднота сярмяжных жывуць,
Крыўда дзе, паняверка і здзек
Краскай макавай ярка цвітуць.
Беларусь, Беларусь –
Край замчышч, курганоў,
Дзе таяцца страхоцці і звод,
Дзе русалкі выходзяць з віроў,
І начніцы вядуць карагод,
Дзе пад шум каласоў ведзьмары
На палетках заломы кладуць
І ў купальскую ноч у бары
Забабоны ў пацёмках снуюць.
1920
* * *
Люблю, не знаючы пуціны,
Ісці праз лес балота, гаць,
Мінаць квяцістыя нізіны,
Пад грушай ў полі спачываць;
Спаткаць між жыта крыж пахілы
І старца з хлопчыкам малым,
Звычай шануючы мне мілы:
“Дабрыдзень!” – прывітацца з ім;
Прайсці ўзжоўж вёскі беднай, шэрай
З панурым радам сумных хат,
І думаць: як ты тут ні мерай,
А ў беднаце гаруе брат;
І напаткаць руіны ў полі,
Дзе мох на рэшце сцен узрос,
І занудзіцца мімаволі,
Згадаць замчышча сумны лёс;
Не зразумець, чаму руіны
Ў сабе таёмны тояць жах,
І ці не светлы для Краіны
Відаць наперадзе ўжо шлях?
1921
На эміграцыі
Даўно ўжо тыя ж дні й не тыя,
І я , патрэпаны, не той.
Як жудасна вятрыска вые,
Нібы над згубаю маёй.
Там за акном глухая восень
І ноч лягла стаццём глухім.
Не ведаю, нашто здалося
І што пачну з жыццём сваім.
Якую дам сабе я раду
І накіруюся куды,
Калі віхор гудзе без ладу
І к радасці замёў сляды.
Мае пакрадзеный скарбы –
І звонкі смех, і зрок жывы,
І дум вясёлкавыя фарбы,
І песні – дзе цяпер? Дзе вы?
Ад жахаў долі чалавечай,
Што не сціхалі на мамэнт,
Душа зрабілася старэчай
І апарожненай ушчэнт.
Няўтульны мой пакой, бы з дошак
Непагаблёваных труна.
Застылым поглядам – нябожчык –
Дзіўлюся ў шчыліну акна.
Там душыць ноч, як камень муру,
Але тугі мацней цяжар.
А маладзік – плывец у буру –
Кіруе човен свій між хмар.
Мне ўсё часцей радзіма сніцца…
Там рух і песні аб вясне,
Там працы творчая крыніца,
Там мо знайшлося месца й мне?
Дый там патрэбна маладое,
Ў кім гарту, палкасці не брак,
Нашто ж прыдамся, на якое,
Спарожнены, разбіты гляк?
Убогі стаў я, й страх за тое,
Што ўбогасць бачыць госць не госць,
І перад рэчамі ў пакоі
Сутулюся, дрыжу чагосць,
Нібы і ім вядомы страты,
І бачаць, глянуўшы ў душу,
Якой назолай я працяты,
Якія думы я нашу.
І нават месяц бледна-срэбны
Смяецца рогам за акном:
− Ты больш нікому не патрэбны,
І сам сабе ты цяжаром!
1926
* * *
Зацвілі твае вочы між тлуму,
І , здаецца, твой стан мільгануў,
Перарваліся ніткаю думы,
Даўны смутак ціхутка крануў.
Быццам ветрык, збудзіліся згадкі,
Ў жыце ветрык драмаўшы між хваль;
Закружыліся лёгка, без звадкі.
І памкнулі ў блакітную даль.
Стала дзіўна, што годы так шпарка
Прашумелі, бы ўвосень лісты,
Жоўтым лісцем, алеямі парку
І ляглі, як смуга, на кусты.
Нагадалася даўняя казка…
Збаіў нехта дарэшты яе.
Але з попелу дзён кволай ласкай
Памяць даўняга міла ўстае.
Ніба сонцам зямля пасля буры,
Я асвечан маім пачуццём,
Нікне хмарнасць на твары панурым,
І вясёлкай я звязан з жыццём.
Як вясенняе ранне без суму,
Далікатны настрой агарнуў…
А ўсяго: твае вочы між тлуму
І твой стан, мне здалось, мільгануў.
1923
Смяротны пах
Ёсць боль затоенай тугі
У кволым паху звялых кветак,
Нібы ў канання час благі
Ім родна марыцца палетак.
Нібы шчэ вераць – вось дыхне
Паветра хваляю гаючай
І з хаты верне іх вясне,
І знаюць – згуба немінуча.
Людская жорсткая рука
Іх, далікатных, ў поўным квету,
Там, дзе прастор, палі, рака,
Сабрала рупна да букету.
І на маім стале зямлі
Краса, найвысшая аздоба,
Яны цвілі і адцвілі –
І тайнай іх была жалоба.
Ў самотнасць невясёлых дзён
Яны ўвівалі летуценні
І згадкі лёгкія, як сон,
Аб сонца радасным праменні.
І раніц звонкіх галасы,
І чуласць ветру незвычайна,
І хараство густой расы
Прачыстай валадалі тайнай.
І не дазнаў ніхто б яе,
Калі б не гэты пах смяротны,
Што дымам кадзіва ўстае,
Такі тужлівы і маркотны…
1923
(З астатнімі творамі гэтага аўтара можна пазнаёміцца, скарыстаўшы спасылку "Скачать с сервера" наверсе старонкі пад назвай "Творы Уладзіміра Жылкі")
|